Еўрапейская камісія, пасля кансультацый з краінамі ЕС, неўзабаве прадставіць праект 20-га пакета санкцый супраць Расіі.
На дадзены момант назіраецца значная падтрымка адмены цяперашняга абмежавання цэн на расійскую нафту і замест гэтага ўвядзення забароны на транспарціроўку энергетычных рэсурсаў з Расіі морам. Гэта таксама было адным з патрабаванняў Польшчы. Мэта – абмежаваць фінансаванне ваеннай машыны Крамля. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што абмежаванне цэн на расійскую нафту, узгодненае ў рамках G7, неэфектыўнае. Гэта толькі прывяло да развіцця расійскага ценявога флоту, які дапамагае абыходзіць міжнародныя абмежаванні.
Таму Еўракамісія хоча забараніць любому еўрапейскаму судну перавозіць нафту з Расіі, а судны, якія не ўваходзяць у ЕС, не змогуць карыстацца страхоўкай ад еўрапейскіх кампаній або еўрапейскімі партамі. Магчыма, што гэта таксама будзе тычыцца вугалю або газу.
Таксама Еўрапейская камісія схіляецца да таго, каб нацэліцца на расійскія ўгнаенні. Нягледзячы на тое, што ЕС вырашыў увесці санкцыйныя тарыфы ў сярэдзіне мінулага года, увесь працэс расцягнуты да 2028 года. Цяпер у Брусэлі хочуць скараціць гэты перыяд.
Пасля таго, як Еўрапейская камісія падрыхтуе праект 20-га пакета санкцый, дзяржавы-чальцы ЕС пачнуць перамовы, і для канчатковага зацвярджэння спатрэбіцца аднагалоснасць. Плануецца, што зацвярджэнне адбудзецца ў чацвёртую гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну, менш чым праз месяц.
ПР/юл